Министерство образования Республики Беларусь
Управление образования Лидского райисполкома
Государственное учреждение образования
Минойтовская средняя школа
Экскурсія “Ткацтва на Беларусі”
Мэта: Знаёмства вучняў з адным з найстаражытных відаў народнай
творчасці – ткацтва Задачы:
- пазнаёміць і паказаць першапачатковыя навыкі працы і спосаб вырабу
тканых матэрыялаў;
- расказаць пра прылады ткацкага станка;
-развіваць творчую актыўнасць, увагу, назіральнасць;
Экскурсавод 1 Ткацтва – адно з самых старажытных i пашыраных раместваў на Беларусi.
Ўменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі.
Галоўным экспанатам з’яўляецца ручны ткацкі станок, які меў назву “кросны”. Гэта досыць складаны механізм, зроблены выключна з дрэва. На ім ткалі радзюшкі, настольніцы, рушнікі, палавікі, палатно для вырабу бялізны, адзення, мяшкоў, сеннікаў. За станком на лаўцы сядзела ткачыха і з дапамогай рук і ног ажыццяўляла працэс ткацтва. Для ткацтва выкарыстоўваліся льняныя і суконныя ніткі. Іх пралі вось на такіх поцесях вясковыя жанчыны, сабраўшыся на пасядзелкі ў якой-небудзь хаце (па чарзе) у час доўгіх зімніх вечароў.
(Тут неабходна паказаць працэс прадзення і наматвання ніткі на верацяно. Мілевіч А.І.)
Экскурсавод 2 Перш чым прасці, патрэбна вырасціць лён або выгадаваць авечак, каб настрыгці воўны. Сабраны лён звозілі ў гумно. Затым пры дапамозе церніцы аддзялялі льняное валакно ад трасты. ( Тут неабходна паказаць гэты працэс з дапамогай церніцы. Мілевіч А.І.) Пасля гэтага лён часалі з дапамогай вось такіх часалак для таго, каб яго валокны выраўняць і канчаткова ачысціць іх ад трасты.
Пасля прадзення льняную нітку з 5-6 верацён перамотвалі ў адзін маток. У матках ніткі захоўваліся доўгі час, да пачатку ткацтва. ( Паказаць, як з дапамогай матавіла атрымоўваліся маткі. Мілевіч А.І.)
Экскурсавод 1 Калі неабходна было ткаць, то ніткі з маткоў пры дапамозе сукала намотвалі на цэўкі. Цэўкі, ў час ткацтва, ўстаўлялі ў чаўнок. (Паказаць два гэтыя працэсы: а) намотка на цэўку; б) устаноўка цэўкі ў чаўнок. Мілевіч А.І.)
У час ткацтва чаўнок з ніткай прапускалі ўпоперак падоўжаным ніткам і пры дапамозе берда шчыльна збівалі прапушчаную нітку да ўжо раней прапушчаных. Працэс паўтараўся сотні разоў, пакуль ткалася адна толькі радзюшка або рушнік.
Самым складаным механізмам для ткацкай справы быў калаварот. Ён меў нажны прывад. Жанчына нажымала нагой на калаварот. Паступальныя рухі нагі пры дапамозе крывашыпа ператвараліся ў вярчальныя рухі вялікага кола, а ад яго пры дапамозе шнура прыводзілася ў вярчэнне катушка, на якую наматвалася нітка.
Экскурсавод 2 Рабочы працэс калаварота меў наступную паслядоўнасць. Жанчына ставіла калаварот побач з поцесю так, каб педаль калаварота была пад правую нагу. Рукі заставаліся свабоднымі. Праваю рукою майстрыха выцягвала з кудзеляй нітку, і з дапамогай левай рукі скручвала нітку. Канец ніткі прапускала ў адтуліну металічнай воські калаварота, зацапляла яе за першы кручок рамкі катушкі і накручвала канец ніткі на воську катушкі, пакуль яна на ей добра не замацоўвалася. Такім чынам калаварот быў прыведзены ў рабочы стан. Можна было пачынаць працу. Жанчына пачынала прасці. Выцягвала з кудзелі нітку і скручвала яе. Адначасова з гэтым нажымала нагой педаль калаварота, яго механізмы прыходзілі ў рух. Нітка праходзіла праз адтуліну ў восьцы і кручок рамкі і паступова раўнамерна намотвалася на катушку. Затым жанчына перакладала нітку на суседнія кручкі, пакуль не дасягалася поўная намотка катушкі.
Экскурсавод 1 Пры поўнай намотцы катушкі працэс прадзення часова спынялі. Канец ніткі адрывалі і прымацоўвалі яго да матавіла. З кола калаварота знімалі прывадны шнур, каб катушка з ніткамі магла свабодна круціцца. Нітку намотвалі на матавіла, прыводзячы пры дапамозе рукі ў рух яго крылы. На матавіла намотвалі 5-6 катушак нітак з калаварота. Затым намотку нітак на матавіла спынялі. Наматаныя на матавіла ніткі перавязвалі ў чатырох месцах кароткімі ніткамі.У выніку гэтага атрымоўваўся маток нітак. Яго здымалі з матавіла і фарбавалі ў патрэбны колер, каб затым, напрыклад, выткаць радзюшку.
Наступным звяном ткацкага рамяства была намотка нітак на цэўкі. Рабілі гэта наступным чынам. Калі пафарбаваны маток нітак высыхаў, яго зноў надзявалі на матавіла. Затым бралі сукала. На яго воську надзявалі цэўку. Адвязвалі ад матка канец ніткі і прымацоўвалі яго да цэўкі. Далонню правай рукі прыводзілі ў рух матавіла, а левай рукой падавалі нітку. Яна паступова намотвлася на цэўку. Ніткі на цэўку патрэбна было наматаць не больш таго, каб цэўка магла ўвайсці ў чаўнок.
Экскурсавод 2 Працэс ткацтва быў вельмі складаным, і навучыцца гэтай справе было даволі няпроста. Па-гэтаму дзяўчынкі яшчэ з маленства вучыліся ў сваіх мамаў гэтай жыццёваважнай для сялянскай сям’і справе, заадно дапамагаючы сваім мамам у ткацкай справе. Ткацкая справа выхоўвала ў дзяўчынак такія вельмі важныя для кожнага чалавека якасці як працавітасць, настойлівасць, цярплівасць, развівала прыродны розум, смякалку і кемлівасць.
Прасніца
Драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі. Менавіта на ёй умацоўвалася кудзеля. Вядомы 4 асноўныя тыпы: лапатападобныя, прасніца-грэбень, прасніца-вілы, прасніца-кій. Прасніцу аздаблялі разьбой –фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці.
Экскурсавод 1 Чаўнок - ткацкая прылада для пракідання ўтку ў працэсе ткання. Вядомы дзве разнавіднасці – з донцам і полы. У першым выпадку цэўку кладуць на дно, а ўточную нітку прапускаюць праз адтуліну збоку ці ў донцы чаўнака (у працэссе ткання прытрымліваюць цэўку вялікім пальцам). У полым чаўнаку цэўку мацуюць на тонкім металічным стрыжні, таму яго не трэба было прытрымліваць (такі чаўнок як больш дасканалы ўжываўся час- цей. Акрамя лодкападобных вя- домы быў і вілкападобны чаўнок .
Экскурсавод 2 Верацяно - прылада для скручвання ніткі ў працэсе прадзення. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней – конусападобная палачка даўжынёй 20 – 30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных верацёнах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы- паглыбленні.
Вострае верацяно выкарыстоўвалі ў якасці абярэга ад усялякай нечысці. Тры верацяны клалі «пад калыску дзіцяці» — каб нячыстая сіла не магла падкрасціся да дзіцяці, нашкодзіць, а калі і падыходзіла, то пасля ўколу адбягала. Паколькі верацяно было выключна «жаночай прыладай», то менавіта на ім пераразалі пупавіну дзяўчынцы, што нарадзілася — каб у будучым умела добра прасці. Існавала строгая забарона на прадзенне ў святы. Тады верацяно не толькі не бралі ў рукі, але хавалі далей ад вачэй — як бы не наклікаць бяды на саму гаспадыню і ўсю яе сям'ю. Бытавала легенда, што змяя-вераценніца з'явілася ад таго, што нехта парушыў забарону на прадзенне ў час Каляд, а затым выкінуў верацяно, замест таго, каб спаліць яго. Існавала таксама некалькі прыкмет, звязаных з верацяном. Укалоцца ім — да «хуткага кахання»; калі верацяно часта выпадае з рук — сяброўка адбівае ў дзяўчыны кавалера. Экскурсавод 1 Сукала. Прылада для накручвання пражы на цэўку. Уяўляе сабой 2 стойкі з умацаваным паміж імі гладка адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. З процілеглага канца ў валік устаўляўся металічны стры- жань, на які надзявалася цэўка (вярчэнне дасягалася хуткімі рытмічнымі ўдарамі рукі па валіку). Знізу стойкі замацоўваліся драўлянай плахай або збіваліся дошкамі з бакоў і знізу ў выглядзе скрынкі для цэвак. Насуквалі цэўкі з клубка ці з матавіла.
Матавіла – прылада для змотвання і размотвання маткоў пражы . Лакальныя назвы моташка , вітуха . Найбольш пашыраным было матавіла , якое ўяўляла сабой невялікі драўляны стрыжань з перпендыкулярна прымацаванымі брускамі на абодвух канцах . Сустракалася таксама вілкападобнае матавіла - з аднаго боку стрыжань меў натуральную развілку , а з другога – умацаваны брусок . Прынцып работы на абодвух матавіл аднаколькавы: трымаючы ў левай руцэ стрыжань і паварочваючы намотвалі пражу на брускі .
У хатнім ткацтве найбольш пашырана аснова з ільняной пражы. Ніткі асновы перад запраўкай ткацкага станка абавязкова апрацоўвалі: замочвалі ў гарачай вадзе (адвары ільнянога семені, настоі драўлянага попелу), адбівалі ―пранікам”(таўклі ў ступе), сушылі.
Мялка - прыстасаванне для ручной апрацоўкі лёну; гарызантальная, двухшчылінавая. Складаецца з ножак і трох гарызантальных дошак (“шчочкі”), якія злучаны паміж сабой так, што паміж імі атрымоўваюцца дзве адтуліны, у якія заходзіць двухрэбравае біла (“язычок”). Экскурсавод 2 Калаўрот (самапрадка) – прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. У Беларусі вядомыя два асноўныя тыпы калаўротаў: стаяк, характэрны для заходніх зямель, і ляжак, характэрны для паўночных і паўночна-ўсходніх зямель. Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль, якой кола прыводзілася ў рух і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам. У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж двюмя вертыкальнымі стойкамі над прадзільным апаратам. Калаўроты з’явіліся ў Беларусі ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах, у сялянскім побыце з сярэдзіны 19 ст., асабліва ў раёнах інтэнсіўнага льнаводства – поўнач і ўсход Беларусі, на паўднёвай Беларусі пераважала прадзенне з дапамогаю верацяна.
Экскурсавод 1 Рушнікі Ткалі сялянкі рушнікі звычайна зімою, калі былі больш свабоднымі ад сельскагаспадарчых работ.
Спачатку пралі лён на ніткі,а затым з нітак на кроснах ткалі доўгуюстужку льнянога палатна. Затым палатно, якое мела шэры колер, адбельвалі, дабаўляючы ў ваду попел, высушвалі і разразалі на часткі. З кожнай такой часткі атрымліваўся асобны рушнік. Упрыгожвалі рушнік вышыўкай. Для гэтага выкарыстоўвалі рознага колеру ніткі. Існавала два спосабы вышыўкі: гладдзю (суцэльнай ніткай) і
крыжыкам, калі малюнак складаўся з вялікага мноства размешчаных у пэўным парадку крыжыкаў.
У большасці выпадкаў на рушніках вышываліся кветкі, якія дапаўняліся галінкамі з лісцікамі, радзей вышываліся ягады, арнамент, птушкі. Канцы рушніка аздабляліся складаным і прыгожым вязаннем,якое мела край у выглядзе зубчыкаў. Канцы рушніка маглі быць упрыгожаны яго падоўжанымі ніткамі, якія накрыж перапляталіся, а затым звязваліся ў невялікія жгуцікі.
Рушнікі з’яўляюцца сапраўднымі творамі сялянскага мастацтва, яскравым сведчаннем прыроднага таленту і майстэрства беларускіх вясковых жанчын.
Экскурсавод 2 Выраб посцілак і дываноў займае найбольш значнае месца ў народным ткацтве. Посцiлка — лёгкая саматканая коўдра або прасціна, якой накрываюцца ці засцілаюць ложак, посцілку вешаюць на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’ера сялянскай хаты. Посцілкай засцілалі выязныя сані і вазкі, клалі маладым пад ногі ў час благаславення іх у вясельным абрадзе, лічылі важнай часткай пасагу маладой. Назвы посцілак: дзяружка, посцілка, капа, дыван. Дыван — шчыльны тканы выраб з пражы рознага роду (ці сінтэтычная яго імітацыя), які ўжываецца для пакрыцця падлог, сцен, часам іншых паверхняў у памяшканні (сталоў, канап і г.д.) у дэкаратыўных ці ўцяпляльных мэтах.
Паўсядзённыя посцілкі ткаліся з ільняной пражы. Святочныя — паўсуконныя або суконныя. Яны вылучаюцца разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, арнаментыкай, а таксама каляровай гамай. Паводле формы посцілкі былі прамавугольныя (1,5 — 2,3 м даўжыні, 0,9—1,5 м шырыні) з двух (рэдка аднаго) кавалкаў тканіны з ільняных нітак (або аснова льняная, уток ваўняны). Традыцыйныя посцілкі ткалі ў 3—4 ніты або перабіранай ці шматнітовай тэхнікай ткацтва.
У канцы XIX ст. найбольш пашыранымі былі посцілкі ў клеткі, вытканыя чатырохнітовым спосабам. Клеткі ўтвараліся каляровай асновай. У канцы XIX — пачатку XX ст. шырокае распаўсюджанне мелі чатырохнітовыя посцілкі, у якіх узор (клеткі, кругі) ствараўся паліхромным утком, які насцілаўся паверх асновы. Вялікія клеткі злучаліся маленькімі клетачкамі.
Таксама шырока былі распаўсюджаны вельмі разнастайныя па кампазіцыях і ўзорах двухколерныя посцілкі, выкананыя ў тэхніцы двухбаковага перабору па чорнай ці белай аснове (лён, бавоўна). Двухбаковыя посцілкі прыйшлі на змену шматнітовым посцілкам і ў 1950— 1980-я гг. сталі асноўным асартыментам вясковага ткацтва. Посцілкі па кампазіцыі і характары ўзора бываюць двух відаў: з сеткавымі кампазіцыямі і геаметрычным арнаментам, дывановыя з расліннай арнаментыкай. Посцілкі з геаметрычным арнаментам маюць народны характар. Яны шчыльна запоўнены па ўсёй паверхні буйнымі і малымі ромбамі, — 24 — васьміпялёсткавымі зоркамі, разеткамі, якія ўпісаны ў рамбічную сетку, і звычайна маюць па доўгім баку невялікую кайму з дробнаўзорных матываў.
Экскурсавод 3 Доматканыя дарожкі (палавічкі). Ствараліся ў разнастайнай тэхніцы. Палавік — плецяны, тканы ці зшыты з рознакаляровых абрэзкаў тканіны вузкі доўгі коўрык, які расцілаўся на падлозе. Ткалі звычайным спосабом, выкарыстоўваючы ў якасці асновы ніткі з трывалага матэрыяла — канапляныя, льняныя, баваўняныя. Звычайна метад ткацтватва палавікоў прапаноўваў двухнітовую тэхніку, але сустракаліся таксама коўрыкі тканыя на трох- і чатырох нітках. Для ткацтва палавікоў выкарыстоўваліся спецыальныя берды с больш вялікімі зубамі. Адрозніваліся арыгінальнасцю і непаўторнасцю. Таким чынам, кожная гаспадыня ўпрыгожвала свае жылле, рабіла яго прыгожым і ўтульным.
Прайшлі дзесяцігоддзі. Сучасныя машыны і механізмы выцеснілі працу ткача. Ручное ткацтва канула ў вечнасць. Але на задворкі гісторыі яго спісваць яшчэ вельмі рана. Чаму? А таму што сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя аказалася не ў стане ўнесці штосьці новае ў сам гэты працэс.
Ручную працу ткача замянілі машыны, а сам працэс застаўся такім жа старым як свет.
свернутьЭкскурсія “Прылады працы”
Мэта: Знаёмства з гаспадаркай сялян, прыладамі іх працы, скарыстаючы экспанаты музея Задачы:
1.Пазнаёміць вучняў з прыладамі працы сялян, якаія выкарыстоўваліся ў ХIX-пачатку XX стагоддзяў.
2.Паглыбіць веды вучняў пра жыццё і працу вясковых жыхароў
3.Выхоўваць цікавасць да вывучэння гісторыі, павагі да ўкладу жыцця, побыту сваіх продкаў
Экскурсавод 1 Сёння мы пазнаёмімся з некаторымі экспанатамі музея, якія дапамогуць
лепш уявіць заняткі сялян. Перад вамі змешчаны розныя прылады працы. Выраблены яны з дрэва і металу, Металічныя часткі выкаваны вясковымі кавалямі з жалеза.
Усё, што тут знаходзіцца, зроблена рукамі нашых продкаў. Шмат якія прадметы знікаюць. Гледзячы на некаторыя прылады працы, мы не здагадваемся, як імі карыстаўся чалавек. Экскурсавод 2
Сялянскі год пачынаўся вясной. Наперадзе чакала поле, сялянская праца. Араць выходзілі, толькі толькі ўдалечыні прагрыміць першы гром. Быў звычай "наракаць запашніка" - таго, каму першаму трэба было выйсці ў поле. Па завяршэнні святога тыдня сяляне выходзілі ў поле. Першым выходзіў запашнік. Перад пачаткам працы ён з'ядаў прасвіру і хлеб, крошкі высыпаў на будучую раллю і браўся за саху, якой аралі зямлю. А затым наступаў чарга сеяць. Селянін у белай кашулі з сявенькай, прывязанай на грудзях, выходзіў у поле. Сейбіт хадзіў па полі босым. Нетаропка ішоў араты і кідаў прыгаршчы адборнага збожжа, узятага з сявенькі. Жменю за жменяй сеяў моўчкі, нібы здзяйсняў святы абрад. Спецыяльна для сяўбы выбіралі зацішнае сухое надвор'е, каб зерне сеялася раўнамерна.
Экскурсавод 1
Сявенька (кораб, сплецены з саламяных жгутоў. Жгуты перапляталіся тонкімі вяроўкамі альбо коранем дрэва) - прымянялася пры ручной сяўбе. Сяўба пачынаўся з сялянскага хлеба-аўса, пра які казалі: «сей хоць у бруд – будзеш князь». Затым сеялі пшаніцу, ячмень, грэчку. З 23 красавіка выганялі ў поле жывёлу. Затым пачыналася праца ў агародзе. Асаблівая пара падыходзіла з сенакосам.
Сушыць траву выходзіла ўся сям'я-перагортвалі траву граблямі, укладвалі віламі. Сенакос доўжыўся ад 20 дзён да месяца.
Экскурсавод 2
Не паспелі разрабіцца з сенам, а ўжо зарніцы нагадваюць пра хлеб. Прыбіралі хлеб сярпамі і косамі. Калі жыта высокая і густая – сярпом, не вельмі высокую і густую жыта касілі касой. Касілі раніцай-пакуль зерне сырое ад расы.
Жанчыны жалі жыта вось такім серпам. Серп - прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19 ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі. Сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп.
Экскурсавод 1
Жніво-цяжкая праца. Далей хлеб адвозілі на ток, дзе цэпам білі па снапах, каб аддзяліць зерне ад каласоў. Самая цікавая прылада працы - гэта цэп. Ён складаецца з доўгай ручкі і кароткага біча, якія злучаны пры дапамозе скуранога раменчыка. Цапом малацілі раскладвалі на таку сноп жыта.Селянін браў у рукі цэп, замахваўся ім і бічом біў па каласках жыта. Зерне вывальвалася з каласкоў на ток, затым яго збіралі ў рэшата і правявалі на ветры, каб аддзяліць зерне ад мякіны. Чыстае зерне высыпалі ў мяшкі або кублы (дзежка з вушкамі і векам, звычйна для захоўвання прадуктаў, рэчаў і мукі). Там яно магло захоўвацца доўгі час.
Уборка зацягвалася на шмат дзён: за жытам ідзе пшаніца, затым ячмень, грэчка.
Далей-працы ў агародзе. Па восені заканчваліся працы ў полі, але заставалася праца ў сялянскім двары.
Экскурсавод 2
Двухручнай пілой прынята называць пілу, якой адначасова працуюць два чалавекі. Яна выкарыстоўваецца пры валцы дрэў, распілоўцы дубцоў, а таксама для распілоўвання бярвення і камлюкоў. Найбольшае ўжыванне такія пілы знаходзяць пры нарыхтоўцы дроў. Гэта самыя распаўсюджаныя пілы, якія былі ў кожным сельскім доме часоў СССР.
Нажніцы спружынныя – прылада для стрыжкі авечак. Дзве жалезныя пласціны з асіметрычна заточанымі краямі (лязом), авальна загнутыя і злучаныя паміж сабой на адным канцы; шырыня ходу (развод) рэгуляваўся хамуцікам ці шнурком, што надзявалі на нажніцы.
Стрыхоўка (стрыхарка, страхавец, шчотка) - прылада для выраўноўвання саломы пры крыцці страхі. Складаецца з тоўстай дошчачкі з выразанымі на ніжняй паверхні падоўжанымі пазамі. Стрыхоўкай "падбівалі" камлі саломы пад пэўным нахілам.
Скобель - гэта габлявальны інструмент цесляроў, прызначаны для здзірання кары з бярвення і іх першаснага обстругання. Ім можна лепш, чым сякерай, здымаць кару з дрэва, не засякаючы драўніну.
Пасля апрацоўкі скобелем драўніна становіцца светлай, на ёй не застаецца слядоў кары. Таму, напрыклад, сцены хаты з зруба, апрацаваныя пад скобель, не патрабуюць дадатковай ашалёўкі або аздаблення і дэманструюць натуральную прыгажосць драўніны.
З яго дапамогай выскрабалі сцены, дахавыя дошкі, дзвярныя і аконныя вушакі, палотны дзвярэй і аканіц. Такія элементы будаўнічых канструкцый выскрабалі толькі ў невялікіх аб'ёмах для інтэр'ераў жылых памяшканняў , так як працаваць скобелем вельмі цяжка, значна цяжэй, чым гэблем.ярвенняў ад кары.
Экскурсавод 1
Фуганак - сталярная прылада для чыставога стругання дошак.
Фуганак мае вельмі даўнюю гісторыю. Самы стары знойдзены інструмент аналагічнай прылады, гэбель, археолагі датуюць IV-III стагоддзямі да н.э., а хоць бы асобныя элементы габлёўкі драўніны, мяркуючы па іншых археалагічных знаходках, дакладна ўвайшлі ва ўжытак яшчэ раней.
Фуганак-гэта ручны сталярны інструмент, прызначаны для канчатковай апрацоўкі драўніны. Яго выкарыстоўваюць тады, калі ўзнікае неабходнасць выраўнаваць паверхню вялікага памеру, а таксама для прыфугоўкі беражкоў у доўгіх дэталях.
Пры габлёўцы фуганком першапачаткова няроўнай паверхні атрымліваецца габлюшка ў выглядзе невялікіх кавалкаў, а пры паўторных праходах — бесперапынная, што сведчыць аб тым, што апрацоўваная паверхня стала роўнай.
Экскурсавод 2
Рубанак (Гэблік адборнік). Ручны дрэваапрацоўчы інструмент для роўнага згладжвання паверхні драўляных вырабаў адносна невялікіх памераў.
Рубанак выкарыстоўваецца для надання паверхням драўляных дэталяў патрэбнай шурпатасці, прамалінейнасці.
Рубанак - досыць старажытнае вынаходніцтва чалавека (вядомыя гэблі, знойдзеныя ў Пампеях і якія адносяцца да I стагоддзя), хоць шырока прымяняцца ён пачаў толькі ў XV—XVI стагоддзях.
Рубанак драўляны, унізе ўстаўлена жалезная пласціна, мае ручку для працы ўдваіх.
Сякера ў сялянскім побыце была і застаецца пераважна мужчынскай прыладай
працы, адпаведна ўстойлівыя словазлучэнні малююць гаспадара менавіта з гэтым інструментам у руках: Куды мужык з сякерай, туды баба з чапялой.
Сякера, як і нож, серп і іншыя вострыя металічныя прылады, у традыцыйнай
культуры ўспрымаецца як актыўная рэзальная сіла і таму выступае ў якасці абярэга- процідзеяння супраць варожых уплываў. Апрача таго, яна надзеленая здольнасцю прымаць, убіраць у сябе адмоўныя ўласцівасці, адначасова перадаючы чалавеку сваю "жалезнасць", трываласць.
Цяжкай працай было жыццё ў сялян. Праца складала галоўны сэнс жыцця. У народным асяроддзі ўкаранілася ўяўленне пра тое, што праца благаслаўлена Богам. Нездарма да працуючага звярталіся са словамі: “Бог у дапамогу”.
свернутьЭКСКУРСІЯ “Прадметы побыту”
Мэта: Пазнаёміць вучняў з прадметамі побыту, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце на прыкладзе школьнага этнаграфічнага музея.
Задачы:
Экскурсавод 1 Нашы продкі былі людзі ўмелыя, практычна ўсё для свайго карыстання рабілі сваімі рукамі. Вось як пра гэта пішуць гісторыкі: "Кожная вёска - гэта своеасаблівая дзяржава, з усім сваім - моваю, звычаямі, норавамі і побытам. Кожны гаспадар, кожная гаспадыня імкнуліся быць ва ўсім незалежнымі, самастойнымі, абыходзіцца без чыёй бы і якой бы там ні было дапамогі.
З спрадвечных часоў чалавецтва карысталася тымі ці іншымі відамі посуду. Спачатку посуд вырабляўся пераважна з гліны - самага даступнага ў апрацоўцы гарачатрывалага і ўстойлівага да вадкасці матэрыялу.
Гліняны посуд выкарыстоўваўчся пераважна для захавання вадкасцей і ў першую чаргу малака .
Экскурсавод 2 Звярніце, калі ласка, увагу на гліняны посуд. Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў гліняныя вырабы былі на любы густ і для розных патрэб.
Выпуклая пасудзіна з вузкім горлам, плоскім дном, з адным або двума вушкамі называецца гляк. У гляку насілі воду ў поле, настойвалі лекавыя травы, захоўвалі раслінны алей.
Гляк адрозніваўся ад іншага посуду тым, што ён быў больш аб’ёмным (5-8, да 10 літраў), меў круглую форму з маленькім донцам і вузенькай гарлавінкай.Зручнасць такой канструкцыі заключалася ў тым, што калі нават гляк з вадой перакуліцца,
то з яго выльецца толькі невялікая частка вады, а большая частказахаваецца. Глякі з вадой бралі ў поле жанчыны, калі адпраўляліся жацьжыта, бралі іх таксама мужчыны, калі выходзілі на сенакос.
Экскурсавод 1 Нашы продкі ў далёкія часы заўважылі яшчэ адну вельмі важную ўласцівасць глінянага посуду. Гліняны посуд здольны накапліваць цяпло, або холад і затым доўга яго захоўваць.
Гэта – збанок . Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако: доўга не скісае, а ў гарачыню – халоднае. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменчыкам лілося ў міску ці ў кубак. Вось чаму ў жару можна напіцца са збана халоднай вады або малака. Напрыклад, хутка сквасіць малако, наліўшы яго ў збан і паставіўшы яго каля цёплай печкі. Печка астыне, а малако ў збане будзе цёплым. Ён трохі адрозніваўся ад гляку. Збан – высокі посуд з выпуклымі бакамі, некалькі аканаваным горлычкам, з носікам і ручкай.
Гарлачык – старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлачык без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху.
Гліняны посуд выраблялі ганчары на спецыяльным станку, які называўся ганчарным кругам. Калі посуд падсыхаў, яго змяшчалі ў спецыяльную печ, дзе ён абпальваўся і станавіўся ад гэтага вельмі травылым. Настолькі трывалым, што ён не толькі не прапускаў ваду, але ніколі нават не размакаў у вадзе, калі нават знаходзіўся ў ёй тысячу і больш гадоў.
НАЖНІЦЫ— прылада для разразання скуры, якая складаецца з пары металічных лёзаў з'яднаныя для ўтварэння рычага, які змяншае патрабаваную моц, прыкладзеную для лёзаў. Лёзы слізгаюць адно па другім, у выніку чаго адбываецца разразанне прадметаў.
Экскурсавод 2 Чыгунок - гэты посуд у асноўным выкарыстоўвалі для гатавання ежы ў звычайнай печы. Яго незвычайная форма дазваляла ставіць яго ў печ і даставаць яго з печы з дапамогай адмысловай прылады - ухватa.
Чыгунок ён быў незаменны ў хозяйсте, зроблены з чыгуну,адмысловага выгляду металу, які мог вытрымаць любы агонь і ніколі не біўся. Небывалымі чарадзейнымі здольнасцямі славіўся чыгун. Зроблены з яго посуд, па павер'ях, прыносіў поспех. Чыгунны посуд надаваў свайму гаспадару новыя сілы і захоўваў старыя. Паеў чалавек з чыгунку - у яго тут жа другое дыханне адкрылася. Так што, калі хочаце мець хвацкае здароўе, даверцеся вопыту прадзедаў і рыхтуйце ежу ў посудзе з чыгуна. І ўдаласць волатаўская будзе вам забяспечана
Трыножка – падстаўка пад чыгуны, гаршкі.
Лыжка – круглы, ці авальны чарпачок з ручкаю. Выразалі лыжкі з асіны, бярозы, клёну, грушы. Чым цвядзейшае было дрэва, тым даўжэй служыла лыжка.
А вось перад вамі – бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла.
Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, зверху-ўніз. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў банкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплай бульбай.
Маслабойка, або бойка – бандарны выраб; y беларусаў – пасудзіна для збівання масла. Найчасцей – вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, a да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка). Такой жа формы маслабойку выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі.
Макотра (макацёр, макітра) - Посуд для расцірання маку.
Рэшата - прылада да прасейвання мукі ці правейвання зерня. Абечак рабілі звычайна з сухога лубу, дно – з рагожнай ці валасяной сеткі.
Калі вы ўважліва паглядзіце, то ўбачыце калекцыю жалезных прасаў.
Доўга ў Беларусі карысталіся бязменам: ручнымі рычажнымі вагамі з металічным стрыжнем з гірай на адным канцы і кручком або чашай на другім для ўтрымання грузу.
САЛЬНІЦА — невялікая пасудзіна з дрэва, у якой захоўваецца соль. У верхняй частцы сальніцы паўкруглае вечка, якое закрываецца.
ПРЫТУГ, або ПРЭС для адціскання тварагу, ці, па-вясковаму, сыру. Складаецца з дзвюх тоўстых ліпавых дошак.
Экскурсавод 1 Прасы металічныя - (жалязка – дыялект) выкарыстоўваліся для глажкі адзення. Прасы былі вугальныя, альбо духавыя, цэльнаметалічныя, цэльнаметалічныя са зменнымі ўкладышамі. У корпус вугальнага праса засыпалі гарачыя вуглі, і, калі яны астывалі, каб зноў іх распаліць, дулі ў адтуліны, ці махалі прасам з боку ўбок. Самымі распаўсюджанымі былі награвальныя прасы — яны ставіліся ў печ і разаграваліся.
Прасавалі бялізну асцярожна, калі вуглі перагравалі корпус праса, можна было спаліць тканіну. Такія прасы выкарыстоўвалі ў асноўным для прасавання тканін з iльну, бавоўны, сукна. Прас пасля прасавання патрабавалася чысціць ад вуглеў.
Качалкі (Рубель) Для прасавання бялізны і вопраткі выкарыстоўвалі таксама драўляныя прасы – качалкі (рубель). Бялізна наматвалася на качалку, пасля чаго некалькі разоў старанна пракатвалася «рубелем» – доўгай драўлянай плашкай з рэбрамі на ніжняй паверхні і ручкай на канцы. Рубель з характэрным стукам перекатваў качалку, рэбры яго пры гэтым разміналі валокна тканіны. Гэта прыстасаванне называлася таксама «ребрак», «раскатка», «пральнік». Яно праіснавала ў вёсках некаторых рэгіёнаў да канца XX стагоддзя.
ПРАНІК - пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса. На Беларусі вядомы з 11-12ст.
Экскурсавод 2 Далёка не адразу з’явілася ў сялянскай хаце лямпа. Калісьці, ў цёмны час хата асвятлялася пры дапамозе лучыны. Лучыны нарыхтоўвалі з сасны звычайна ўлетку і добра яе высушвалі , а затым звязвалі ў пучкі і прыносілі ў хату, прымацоўвалі да падстаўкі , бралі з печы вуглі, раздувалі іх паветрам з рота і запальвалі больш тонкі канец лучыны. Калі асвятленне трэба было павялічыць, то лучыну падпальвалі з абодвух канцоў. Калі лучына дагарала, то ад яе запальвалі
другую і прымацоўвалі яе да падстаўкі.
Намнога пазней з’явіліся газавыя (керасінавыя) лямпы. У той час керасін называлі газай. Газавая лямпа складалася са шклянога слоіка, прыстасавання для кнота, шкла і абажура. У слоік налівалі газу. Па кноту, зробленаму з тканіны, газа паступала ўверх. Затым знімалі шкло і запальвалі кнот, пасля чаго шкло надзявалі.Лямпу ставілі на стол, а часцей вешалі на цвік, прымацаваны да столі, каб яна магла асвятляць усю хату.
Экскурсавод 1 Пазней з’явіліся газавыя ліхтары (фанары). Ад лямпы яны адрозніваліся засцерагальнымі для агню прыстасаваннямі і іскрагасільнікамі. Ноччу з ліхтаром у руках і дождж, і вецер можна было рухацца па вуліцы, пайсці ў хлеў або куратнік, каб паглядзець за жывёлай і птушкай і не баяцца пажару.
Газавы ліхтар быў даволі складаным і дасканалым асвятляльным прыстасаваннем. Напрыклад, сучасная электрычная лямпачка намнога ўступае складанасцю сваёй канструкцыі сваім продкам, нават газавай лямпе і тым больш ліхтару.
Дымакур – дымар, пчалярская прылада для падкурвання пчол дымам у вуллі. Лакальная назва – дымілка. Дым адганяе пчол у глыбіню вулея і робіць іх менш куслівымі. Выраблены з лістовага жалеза;
Ночвы - карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты, якую ссыпалі затым у бочкі, мяса для каўбас і іншага. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом.
КОШ - ёмістасць, плеценая з лазы з вечкам для захоўвання і транспарціроўкі штучных прадметаў пераважна харчовых прадуктаў ( каўбас).
Падышла да канца наша экскурсія. Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця, канечне, не варта, але ведаць, як жылi нашы дзяды, прадзеды трэба. Часцей азірайцеся у мінулае, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.
свернуть